Калекцыі

Фонд Музея грошай налічвае больш за 50 тысяч адзінак захоўвання, размеркаваных па асобных калекцыях. Аснову збору складаюць грашовыя комплексы. У музейным фондзе захоўваецца 20 тэзаўрацый. Да ліку рарытэтаў адносяцца татарская сярэбраная грыўна другой паловы XIV ст., комплекс сярэбраных старалітоўскіх дэнарыяў канца XIV - пачатку XV стст., найбуйнейшая ва Усходняй Еўропе тэзаўрацыя пражскіх грошаў першай паловы XV ст., сярэбраная манета Вялікага Княства Літоўскага , комплекс залатых галандскіх дукатаў першай паловы XIX ст. і іншыя каштоўнасці.

Багатая калекцыя баністыкі раскрывае гісторыю крэдытна-фінансавых устаноў на тэрыторыі Беларусі з XIX ст. да ўтварэння Нацыянальнага банка.

Адзін з важных напрамкаў дзейнасці Музея грошай - назапашванне матэрыялаў па эмісійнай практыцы Нацыянальнага банка. Сабраны эскізныя праекты нацыянальнай валюты, купоны, каштоўныя паперы і банкноты. У музеі змяшчаецца найбольш поўная калекцыя беларускіх памятных манет і ўнікальных матэрыялаў, звязаных з іх стварэннем. Яна ўключае ў сябе эскізы манет, гіпсавыя мадэлі, эталонны і працоўны інструменты.