Пра Музей грошай

Музей грошай – музей Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Тут сабраны каштоўнасці, якія адлюстроўваюць гісторыю грашовага абарачэння і крэдытна-фінансавых устаноў на тэрыторыі Беларусі са старажытных часоў да нашых дзён, а таксама дзейнасць Нацыянальнага банка як эмісійнага цэнтра краіны. У гісторыі Музея грошай можна вылучыць тры асноўныя этапы: першы з 1996 г. па 2008 г., калі музей меў статус ведамаснага, другі з 2008 г. па 2017 г., калі ён быў перайменаваны ў гісторыка-інфармацыйны цэнтр. У 2017 г. Музей грошай афіцыйна набывае статус дзяржаўнага музея. Некалькі год таму ў Нацыянальным банку быў распрацаваны і рэалізаваны праект па стварэнні абноўленай экспазіцыі музея.

На сённяшні дзень экспазіцыя размяшчаецца ў дзвюх залах. У першай зале музея прадстаўлены нумізматычныя матэрыялы, якія раскрываюць гісторыю грашовага абарачэння на тэрыторыі Беларусі. Гэта частка экспазіцыі была пабудавана ў 2005-2006 гг. і знаходзіцца ў комнаце-сейфе, дзе зусім нядаўна была кладавая каштоўнасцей Цэнтральнага сховішча Нацыянальнага банка. У другой зале музея прадстаўлена гісторыя станаўлення і развіцця фінансава-крэдытных устаноў на тэрыторыі Беларусі, пачынаючы з XIX стагоддзя. Гэта частка экспазіцыі была адчынена для наведвальнікаў у 2019 годзе.

У музейным фондзе захоўваецца ўнікальная калекцыя скарбаў з розных куткоў Беларусі, арыгінальныя фінансавыя дакументы і шмат іншага. Музей валодае найбольш поўнай калекцыяй беларускіх памятных манет і матэрыялаў, звязаных з іх стварэннем. У наведвальнікаў ёсць магчымасць пазнаёміцца з такімі цікавымі экспанатамі, як: калекцыя антычных манет I-III стст., нумізматычны комплекс, які складаецца са срэбных упрыгожванняў і старажытных арабскіх манет IX стагоддзя; срэбныя зліткі-грыўні, рэдкія скарбы з татарскімі манетамі, найбуйнейшы ва Усходняй Еўропе нумізматычны комплекс з пражскімі грошамі. Некаторыя артэфакты з калекцыі Музея грошай у поўнай меры можна лічыць нацыянальным здабыткам краіны. Экспазіцыя музея – годны вынік шматгадовай крапатлівай працы супрацоўнікаў Нацыянальнага банка па захоўванні гістарычнай і культурнай спадчыны Беларусі.